У Год беларускай жанчыны пры Барысаўскім радзільным доме па ініцыятыве старшыні Беларускага прафсаюза дзяржаўных і іншых устаноў Барысаўскага раёна Наталлі Сільчанкі ў межах праекта «Шчасце быць мамай!» адбылася акцыя «Лучык шчасця беларускай жанчыны».
Урачыстасць была прысвечана ўшанаванню бацькоў і нованароджаных. У гэтыя дні ў радзільным доме з’явіліся на свет чатыры дзяўчынкі. Дзве з іх — Васіліса і Валерыя — нарадзіліся ў сем’ях работнікаў філіяла «Інстытут перападрыхтоўкі і павышэння кваліфікацыі» Універсітэта грамадзянскай абароны МНС.
Бацькамі дзяўчынак сталі Дзмітрый Ломжа, начальнік дзяжурнай змены УПАСЧ, і Аляксандр Чарняўскі, старшы інструктар-выратавальнік УПАСЧ. Для іх сем’яў гэтая падзея стала важнай і радаснай старонкай жыцця.
Ад імя работнікаў філіяла ІППК УГЗ маладых бацькоў павіншаваў начальнік філіяла Віталь Рыбак. Ён пажадаў нованароджаным моцнага здароўя, светлага дзяцінства і шчаслівага лёсу, а бацькам — згоды, узаемаразумення і сямейнай гармоніі.
Падчас урачыстасці сем’ям былі ўручаны каштоўныя падарункі. Дзяўчынкам перададзены праваслаўныя крыжыкі — як сімвал новай добрай традыцыі падтрымкі нараджэння дзяцей і ўмацавання сямейных каштоўнасцей.
Акцыя стала яшчэ адной ініцыятывай, накіраванай на падтрымку мацярынства і захаванне традыцый у грамадстве. Удзельнікі адзначылі, што такія сустрэчы дапамагаюць падкрэсліць значнасць сям’і, ролю жанчыны і каштоўнасць новага жыцця.